Бывайце здаровы
Музыка: И. Любан Слова: А. Русак
Бывайце здаровы,
Жывіце багата,
Ужо ж паедзем
Да сваёй хаты.
У зялёнай дуброве
Мы начаваць будзем
І вашае ласкі
Вавек не забудзем.
У вашам калгасе
Шырокае поле,
Няхай жа на шчасьце
Цьвіце ваша доля.
На рэчках на вашых
Бурлілі каб воды,
Каб плавалі з крыкам
Гусей карагоды.
Каб жыта ў полі
Трубою вілося,
Каб сала ў хаце
Кубламі вялося.
Штодзень у капусьце
Каб плавала шкварка,
Да шкваркі часінай
Вялася б і чарка.
Яшчэ вам жадаем
Прыбытку ў хаце
Ні мала, ні многа -
Штогод па дзіцяці.
Ня будзем у крыўдзе
Яшчэ і на тое,
Калі пашанцуе -
На год і па двое.
Дарогу ж мы знаем
Да вас, ягамосьці
І езьдзіць мы будзем
Да вас часта ў госьці.
Эй, хто на адведы,
Эй, хто на радзіны –
Вазіць караваі
Па дзьве паўасьміны.
Бывайце здаровы,
Жывіце багата,
Ужо ж паедзем
Да сваёй хаты.
У зялёнай дуброве
Мы начаваць будзем
І вашае ласкі
Вавек не забудзем.
1937