БАЦЬКОЎСКІ ПАРОГ (І.Скурко)
З маленства, як неба бясхмарнага,
Дзе першае слова і крок,
Над снамі ўладарыць і марамі
Бацькоўскі парог.
Ні ў дзень залаты, ні апоўначы
Сыноў не чакаць ты не мог.
Зажураны, родны і сонечны
Бацькоўскі парог.
Жывуць твае сосны ля веснічак
Дыханнем любві і трывог,
Тваімі турботамі вечнымі –
Бацькоўскі парог.
Шчаслівай часінай і горкаю,
На кожнай з далёкіх дарог
Ты нам падарожнаю зоркаю
Бацькоўскі парог.