Падае снег па-над сцішаным плёсам.
Блудзіць-пятляе зімы каляя.
Ты мне паслана і суджана лёсам,
Мроя мая і спагада мая.
Помню цябе да апошняе ноты.
Нават не ведаю: грэх ці не грэх:
Неба спакусы і мора пяшчоты,
Музыкай белаю падае снег.
Анёлы зімы — снегіры
Крыляюць над намі ўгары.
Як золата на алтары —
Сонца полымя.
Гары, наша ёлка, гары!
За мір і спакой на зямлі
Падымем і вып’ем, сябры,
Чашы поўныя!
Сціхне завея, світанне настане.
Сонечны ранак — празрысты, як шкло.
Нашай любові агонь і дыханне –
Белых снягоў трапяткое святло.
Бачыць душа, што не бачыцца зрокам.
Быццам крышталь, соннай сажалкі лёд.
Ты мне паслана і суджана Богам.
Ты маё заўтра, ты мой Новы год.
Анёлы зімы — снегіры
Крыляюць над намі ўгары.
Як золата на алтары —
Сонца полымя.
Гары, наша ёлка, гары!
За мір і спакой на зямлі
Падымем і вып’ем, сябры,
Чашы поўныя!
Словы: Леанід Пранчак
Музыка: Віталь Карпанаў